Адразу 15 новых адукацыйных праграм сталі вынікамі курса “Майстэрня адукатараў”, які працаваў з пачатку красавіка да канца чэрвеня. Некаторыя з гэтых курсаў распачнуць рэалізоўвацца ўжо ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы.
Тэматыка распрацаваных удзельнікамі Майстэрні курсаў вельмі разнастайная: тут і заняткі для тых, хто хоча больш упэўнена размаўляць па-беларуску альбо па-нямецку, і вэбінары па прасоўванні свайго бізнеса ў Тэлеграм, і трэнінг для мядовых самелье, і доўгатэрміновы курс па развіцці кампетэнцый для настаўнікаў, праграмы, якія палепшаць сон і дапамогуць знайсці працу і г.д.
“Нараджэнне” гэтых праграм адбывалася паступова, на працягу ўсяго курса.
Больш за 20 удзельнікаў Майстэрні разбіраліся з рознымі падыходамі да планавання адукацыйных праграм, вучыліся аналізаваць сваіх будучых удзельнікаў, фармуляваць рэалістычныя мэты навучання, структураваць змест, падбіраць метады, планаваць ацэнку эфектыўнасці і спосабы прасоўвання сваіх курсаў.
Дзякуючы гэтаму ў час выпускной сустрэчы ўдзельнікі Майстэрні адчувалі сябе ўпэўнена і пераканаўча прадстаўлялі свае будучыя курсы.
Прыемным бонусам для выпускнікоў Майстэрні стане магчымасць удзелу ў Лабараторыі адукатараў, дзе яны змогуць скарыстацца кансультацыямі юрыстаў і маркетолагаў, атрымаць інфармацыйную падтрымку сваіх адукацыйных праграм.
У распараджэнні выпускнікоў застаюцца і навучальныя матэрыялы, размешчаныя на адмыслова створанай у межах Майстэрні онлайн-платформе.
Агенцтва развіцця адукацыі дарослых разглядае магчымасць працягу працы Майстэрні ў другой палове 2023 г.