Пасля першага месяца курса ўдзельнікі Майстэрні ўжо сфармавалі бачанне сваіх будучых адукацыйных праграм і зараз навучаюцца крок за крокам планаваць іх. Чарговыя заняткі ў межах курса былі прысвечаныя фармуляванню рэалістычных вынікаў навучання.
Ведаеце гісторыю пра чалавека, які ў час свайго падарожжа ўбачыў людзей, што насілі камяні?
Чалавек падыйшоў да аднаго такіх людзей і запытаў:
– “А што ты робіш?”.
– Я нашу камяні – адказаў той.
Падыйшоў да другога з тым жа пытаннем і атрымаў у адказ:
– Я кармлю сям’ю.
А трэці на пытанне мінака адказаў:
– Я будую храм.
Здавалася б, дзейнасць адна – усе насілі камяні, а мэты ў людзей розныя.
У любым навучанні ў кожнага чалавека таксама ёсць свае мэты і важна іх разумець і ўлічваць. А яшчэ важна фармуляваць мэты так, каб яны былі зразумелымі і рэалістычнымі.
І не важна, ці вы робіце курс на 3 месяцы ці вэбінар на адну гадзіну.
Што трэба ўлічваць пры распрацоўцы мэтаў адукацыйных праграм?
- Спецыфіку і ўзровень ўдзельнікаў, іх патрэбы
- Патрэбы замоўцаў
- Патрэбы грамадства
- Кампетэнцыі і досвед саміх адукатараў
- А яшчэ – рамкавыя умовы, гэта значыць умовы асяроддзя, дзе вы праводзіце адукацыйны курс.
Што мы атрымоўваем у выніку навучання? Набор кампетэнцый. А гэта значыць – веды, уменні і каштоўнасці, якія з’яўляюцца асновай таго ці іншага віда дзейнасці.
Таму кожнаму адукатару/кожнай адукатарцы вельмі важна навучыцца планаваць, якія ўменні будуць у людзей “на выхадзе”, якія ім для гэтага спатрэбяцца веды і што павінна змяніцца ў людзей на ўзроўні каштоўнасцяў/стаўлення.
У час трэцяга па ліку модуля Майстэрні адукатараў удзельнікі знаёміліся з таксаноміяй Блума, якая апісавае розныя віды і ўзроўні навучальных мэтаў, практыкаваліся ў фармуляванні мэтаў асобных навучальных праграм.
А ўжо ў час выканання хатніх заданняў удзельнікі апісалі вынікі сваіх будучых праграм. У час наступных заняткаў на іх аснове будуць спланаваныя змест і метады навучання.
Праверце свае веды!
Многія дасведчаныя адукатары добра ведаюць таксаномію Блума і асабліва класіфікацыю пазнавальных мэтаў.
У час модуля ўдзельнікі Майстэрні пазнаёміліся з абноўленай паслядоўнікамі Блума пірамідай пазнавальных мэтаў і ў якасці падсумавання вынікаў заняткаў папрактыкаваліся суадносіць розныя дзеясловы, якія можна выкарыстоўваць для праверкі ведаў, з тым альбо іншым узроўнем гэтай піраміды.
Паспрабуйце гэта зрабіць і Вы!
Для гэтага перамяшчайце дзеясловы з верхняга шэрагу да карцінак, якія абазначаюць той альбо ншы ўзровень ведаў у таксаноміі Блума. Калі “пазл” складзецца правільна – вы атрымаеце адзнаку сваіх здольнасцяў ад нашай трэнерскай каманды:).