Вясной-летам 2023 г. групай экспертаў пад эгідай ТАА “Агенцтва развіцця адукацыі дарослых” быў падрыхтаваны “Агляд сферы нефармальнай адукацыі дарослых у Беларусі: ключавыя тэндэнцыі і магчымасці для правайдэраў”.
Неабходнасць падрыхтоўкі гэтага дакумента была абумоўлена тым, што з аднаго боку, сфера адукацыі дарослых у Беларусі за апошнія гады значна змянілася і гэты працэс прадаўжаецца. З іншага боку, за рэдкім выключэннем амаль адсутнічаюць даследаванні ў гэтай сферы, асабліва сістэмнага і агульнага характару.
У Аглядзе зроблена спроба прааналізаваць стан сферы нефармальнай адукацыі дарослых у Беларусі з улікам уплыву ўнутраных фактараў і глабальных трэндаў, структураваць яе з улікам разнастайнасці правайдэраў і адукацыйных напрамкаў, а таксама ацаніць патрэбнасці беларускіх карыстальнікаў паслуг.
Аўтары спадзяюцца, што гэты дакумент хаця б у некаторай ступені дазволіць адказаць на запыт з боку правайдэраў і карыстальнікаў паслуг адукацыі дарослых і дасць разуменне рамачных умоў, якія вызначаюць напрамкі развіцця гэтай сферы ў нашай краіне.
Пры падрыхтоўцы агляду аўтарамі ўлічваліся міжнародныя і краінавыя канцэптуальныя дакументы ў сферы адукацыі дарослых, існуючыя навуковыя даследаванні, аналітычныя агляды, вынікі апытанняў насельніцтва і розных мэтавых груп (правайдэры і карыстальнікі адукацыйных паслуг, працадаўцы, кампаніі і інш.), а таксама даныя з адкрытых крыніц , у тым ліку афіцыйныя сайты і сацыяльныя сеткі правайдэраў, якія дазваляюць атрымаць уяўленне аб развіцці і бягучай сітуацыі ў сферы адукацыі дарослых у Беларусі.
Для фарміравання больш поўнай карціны аб сітуацыі ў сферы нефармальнай адукацыі дарослых у Беларусі, вызначэння актуальных тэндэнцый у развіцці, выяўлення магчымасцей і бар’ераў для правайдэраў адукацыйных паслуг у рамках падрыхтоўкі гэтага агляду было праведзена якаснае даследаванне.
На сайце Агенцтва можна азнаёміцца з кароткай версіяй дакумента, у якой прадстаўлены ключавыя аспекты Агляду. Для атрымання поўнай версіі агляду трэба пакінуць заяўку. Дакумент будзе высланы па электроннай пошце ўсім, хто запоўніць кароткую рэгістрацыйную форму.
Поўная версія Агляду мае наступную структуру:
- У першым раздзеле апісваюцца рамкі даследавання.
- У другім раздзеле прыводзіцца апісанне метадалогіі якаснага даследавання, які ляжыць у аснове збору першаснай інфармацыі для далейшага аналізу. У трэцім раздзеле пасля кароткага экскурсу ў гісторыю развіцця нефармальнай адукацыі дарослых у незалежнай Беларусі прапануюцца варыянты класіфікацыі правайдэраў, якія працуюць у гэтай сферы ў Беларусі, і даецца кароткі аналіз выдзеленых груп.
- У чацвёртым раздзеле на аснове дадзеных фокус-групавых дыскусій і паглыбленых інтэрв’ю з экспертамі аналізуюцца патрэбнасці мэтавай аўдыторыі адукацыйных праграм для дарослых.
- У пятым раздзеле з выкарыстаннем інструментарыя PEST-аналізу разглядаюцца рамачныя ўмовы (глабальныя і рэгіянальныя трэнды) развіцця сферы адукацыі дарослых, унутраныя фактары, якія вызначаюць развіццё гэтай сферы ў Беларусі, а таксама робяцца кароткія высновы для правайдэраў паслуг нефармальнай адукацыі дарослых, у тым ліку з выкарыстаннем інструментара SWOT-аналізу. Пытанні, вынесеныя на інтэрв’ю з экспертамі, а таксама сцэнары фокус-групавых дыскусій прыведзены ў Дадатку.
ТАА “Агенцтва развіцця адукацыі дарослых” дзякуе ўсім тым, хто прыняў удзел у абмеркаваннях па падрыхтоўцы агляду сферы нефармальнай адукацыі дарослых у Беларусі.