Перайсці да змесціва
Home » Нефармальная адукацыя як адказ на крызіс сістэмы

Нефармальная адукацыя як адказ на крызіс сістэмы

Галіна Верамейчык

АДУКАТАР • №2(18), 2010 2-7 стр

Я шчэ ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя стала відавочным, что традыцыйная сістэма адукацыі, хоць і можа пахваліцца значнымі поспехамі, ужо не паспявае эфектыўна і своечасова адказваць на выклікі грамадскага і эканамічнага развіцця.

Асэнсаванне крызіснай сітуацыі прывяло да ўзнікнення новых накірункаў адукацыйнай палітыкі — атрымала шырокае распаўсюджанне Канцэпцыя неперарыўнай адукацыі альбо адукацыі на працягу ўсяго жыцця. Паступова стала мяняцца і пашырацца само разуменне тэрміна “адукацыя”. Калі раней ён атаясамліваўся перш за ўсё з доўгатэрміновым навучаннем у школе, ПТВ, ВНУ, г.зн. у спецыяльна створанай сістэме набыцця ведаў і прафесійных кваліфікацый (сістэме фармальнай адукацыі), то зараз трактоўка “адукацыі” значна пашырылася.

У гэтай пашыранай трактоўцы пад адукацыяй разумеецца ўсё, што вядзе да засваення індывідуумам новых ведаў і развіцця новых уменняў. Як было адзначана ў дакладзе ЮНЕСКА “Вучыцца быць”, адукацыя не павінна больш абмяжоўвацца сценамі школы. Усе існуючыя ўстановы, незалежна ад таго, прызначаны яны для навучання ці не …, павінны выкарыстоўвацца ў адукацыйных мэтах. Адпаведна пераасэнсоўваюцца формы набыцця ведаў і іх роля ў грамадстве. Так, у апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя ўсталёўваецца позірк на неперарыўную адукацыю як на суіснаванне трох поўнамаштабных і паўнавартасных адукацыйных падсістэм. 

Гэта:

• фармальная адукацыя (formal education) — арганізаванае навучанне, якое адпавядае пяці галоўным патрабаванням (адбываецца ў спецыяльна створаных навучальных установах, вядзецца педагагічным персаналам, завяршаецца атрыманнем агульнапрызнанага пасведчання альбо дыплома, з’яўляецца сістэматызаваным і мэтанакіраваным);

• нефармальная адукацыя (non-formal education) — любы від арганізаванай і сістэматызаванай вучэбнай дзейнасці, якая не можа супадаць з дзейнасцю школ, устаноў прафесійнай адукацыі, універсітэтаў і іншых арганізацый сістэмы фармальнай адукацыі. Гэта навучанне, якое можа праходзіць у клубах, на працоўным месцы, у грамадскіх арганізацыях, якое не заўсёды арганізавана пры дапамозе прафесійных выкладчыкаў і не абавязкова звязана з атрыманнем агульнапрызнанага дакумента аб адукацыі (дыплома альбо сертыфіката);

• інфармальная адукацыя (informal education) — гэта неарганізаванае альбо стыхійнае вучэнне. Можна нават сказаць, што гэта выпадковае набыццё новых ведаў і інфармацыі, адпаведна яно не можа быць ахарактарызавана ні адной з прыкмет, пазначаных у апісанні фармальнай адукацыі. 

Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, пашырэнне праграм нефармальнай адукацыі напрыканцы мінулага стагоддзя звязана з тым, што “…школа перастае разглядацца як адзінае дапушчальнае і магчымае месца навучання, яе манаполія на асветніцкую дзейнасць у грамадстве парушана. Адукацыя і навучанне ўжо не ўспрымаюцца як сінонімы «вучобы ў школе». Тоеснасць адукацыі і фармальнай адукацыі — гэта ідэя, якая паступова дыскрэдытуецца пад уплывам крызісных з’яў у сучаснай адукацыйнай сістэме”. 

Праграмы нефармальнай адукацыі арыентуюцца на кампенсацыю недахопаў традыцыйнай школьнай сістэмы і на задавальненне актуальных адукацыйных патрэбаў, якія не могуць быць задаволены ў межах фармальнай сістэмы з-за таго, што гэтыя запатрабаванні ўзнікаюць імгненна і фармальная сістэма не можа на іх своечасова адрэагаваць, альбо гэтыя запатрабаванні не маюць масавы характар ці не з’яўляюцца прыярытэтамі дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі.

Адметнай рысай гэтага кірунку адукацыі можна назваць таксама той факт, што ў большасці краін і ў розныя гістарычныя часы развіццё нефармальнай адукацыі для дзяцей і моладзі пачынаецца і падтрымліваецца недзяржаўнымі інцыятывамі. Грамадства, не задаволенае паслугамі фармальнай сістэмы адукацыі, разглядае гэта як абмежаванне правоў асобы і бярэ на сябе адказнасць за выпраўленне сітуацыі. Як вядома, шырокі спектр паслугаў у сацыяльнай сферы (у тым ліку ў адукацыі) не сумяшчальны з самафінансаваннем і атрыманнем прыбытку. У такой сітуацыі дзяржава павінна задавальняць попыт на паслугі, якіх няма на вольным рынку. Аднак, у дэмакратычнай сістэме праз дзяржаву могуць быць забяспечаны толькі тыя патрэбы, якія падтрымліваюцца сярэднестатыстычным выбаршчыкам. 

Адпаведна, узнікае неабходнасць у наяўнасці трэцяга суб’екта — “трэцяга сектару”, які павінен арыентавацца на забеспячэнне тых патрэбаў, якія не могуць задаволіць ані рынак, ані дзяржава. 

Такім чынам становіцца відавочным, што нефармальная адукацыя як асобная з’ява ўзбагачае “адукацыйны ландшафт” краіны і спрыяе рэалізацыі на практыцы права на адукацыю нават для тых групаў насельніцтва, якія з-за розных нагодаў (фінансавых, узроўню адукацыі, узросту і інш.) маюць абмежаваны доступ да праграм фармальнай адукацыі. Характэрнай прыкметай нефармальнай адукацыі амаль паўсюдна з’яўляюцца цесныя сувязі з грамадзянскай адукацыяй і рознага кшталту грамадскімі рухамі.

Ад асветніцтва — да нефармальнай адукацыі ХХІ стагоддзя 

Нефармальная адукацыя не з’яўляецца новай з’явай. Фактычна пад гэтым вызначэннем былі сабраны розныя накірункі асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці і пастуляваныя як асобная, важкая і раўнапраўная, частка адукацыйных сістэм. Калі ўзгадаць гісторыю станаўлення адукацыі фармальнай, то таксама можна заўважыць, што шмат якія прапановы, дзеянні, з’явы тут спачатку таксама былі “нефармальнымі”. І шмат якія з іх засталіся нефармальнымі да сённяшняга дня. У першую чаргу гэта — сістэмы пазашкольнай адукацыі для дзяцей і моладзі. Прынцыпы, на якіх яны пабудаваны, могуць быць рознымі, для іх вызначэння выкарыстоўваюцца розныя тэрміны. Але паўсюдна — гэта адукацыя нефармальная, г.зн. арганізаванае навучанне без экзаменаў і дыпломаў. Другім вельмі значным кірункам з’яўляецца адукацыя дарослых, прынамсі ў паўночна-еўрапейскіх краінах. 

Напрыклад, знакамітыя ва ўсім свеце скандынаўскія традыцыі з іх народнымі вышэйшымі школамі і гурткамі для дарослых, якія прапануюць шырокі спектр адукацыйных паслугаў ад кароткатэрміновых курсаў, гурткоў, семінараў на агульнаадукацыйныя, культурныя, грамадзянска-палітычныя тэмы да доўгатэрміновых прафесіянальна арыентаваных навучальных праграм, скіраваных на набыццё новай прафесіі. Прычым большая частка з гэтых праграм, у тым ліку праграма завяршэння навучання ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе для дарослых (падобная да навучання ў нашай вячэрняй школе) па завярэшэнні не маюць іспытаў !!! і іх удзельнікі вельмі зрэдку атрымліваюць сертыфікаты. Але, тым не менш, такое навучанне карыстаецца попытам і атрымлівае значную падтрымку з боку дзяржавы.

Нефармальная адукацыя дарослых і моладзі ў Беларусі таксама ўзнікла не сёння. Гэтая з’ява мае даволі доўгую гісторыю з важнымі падзеямі, пераломнымі момантамі, перыядамі заняпаду і адраджэння. Зазірнуўшы ў мінулае можна вылучыць чатыры буйныя этапы, якія ў значнай ступені супадаюць з перыядамі кардынальных перамен у грамадска-палітычным жыцці краiны:

І. Ад Беларускага Асветніцтва да падзелу Рэчы Паспалітай (ХVI ст. — канец ХVIII ст.). Перадумовы развіцця нефармальнай адукацыі дарослых і моладзі ў Беларусі былі закладзены ў часы т.зв. Беларускага Асветніцтва. У адрозненне ад ўрапейскага руху Асветніцтва ў Беларусі мела больш поздні і неартадаксальны характар, а таксама слаба выражаны сацыяльны і палітычны ўплыў. Але, тым не менш, менавіта ў гэтыя часы на беларускіх землях імкліва развівалася выдавецкая і асветніцкая дзейнасць. Сфармавалася беларуская інтэлектуальная плынь, прадстаўленая такімі дзеячамі, як Б. Дабшэвіч, К. Нарбут, С. Шадурскі, А. Даўгірд, Снядзецкія і інш. Асветніцкі характар мелі таксама праекты гарадзенскага старасты А.Тызенгаўза і яго падтрымка адкрыцця школ для мясцовага насельніцтва. Павялічвалася колькасць бібліятэк, ствараліся шматлікія свецкія мастацкія ўстановы. Напрыклад, у Беларусі да падзелу Рэчы Паспалітай існавала 26 оперна-балетных тэатраў і каля 30 сімфанічных капел! Для актораў і музыкантаў, якія былі там задзейнічаны, таксама арганізоўвалася нефармальнае навучанне. Менавіта тады пашыралася дзейнасць цэхавых аб’яднанняў (жывапісцаў, разьбяроў, сталяроў, майстроў залатых і сярэбраных спраў), якія сярод іншага адказвалі за арганізацыю прафесійнага навучання для сваіх сябраў. 

ІІ. У складзе Расійскай імперыі (канец ХVII–пачатак ХХ ст.). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай беларускія землі адыходзяць да Расіі. Далучэнне да Расійскай імперыі штучна перапыняе развіццё беларускіх асветніцкіх традыцый. У выніку, у першай палове ХІХ ст. на беларускіх землях адбываецца шмат структурных сацыяльна-палітычных змен, частка з якіх наўпрост звязана са значнымі зменамі ў сферы адукацыі: страта магдэбургскага права, скасаванне ўніяцтва, эміграцыя вялікай колькасці асветнікаў, навукоўцаў, уплывовых грамадскіх дзеячоў, закрыццё

Віленскага універсітэта, ліквідацыя культурна-асветніцкіх гурткоў (у тым ліку знакамітых Таварыства філаматаў і Таварыства філарэтаў), забарона набыцця вышэйшай адукацыі ва універсітэтах Польшы і Заходняй Еўропы, стварэнне новых навучальных устаноў з рускай мовай навучання. На змену традыцыям беларускага асветніцтва прыходзіць расійская імперская парадыгма, скіраваная на выхаванне ў духу бездакорнага падпарадкавання ўладзе.

Развіццё адукацыі і асветы ў Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ — на пачатку ХХ ст. мела амбіваленты характар. З аднаго боку, адмена прыгоннага права, прамысловы і эканамічны ўздым фармавалі новыя выклікі і патрабаванні да ўзроўню ведаў насельніцтва, што прывяло да школьнай рэформы 1864 г. і павелічэння колькасці навучальных устаноў у Беларусі (зразумела, рускамоўных). З другога боку, гэтая рэформа рэалізоўвалася на беларускіх землях са значнымі абмежаваннямі, абумоўленымі падаўленнем паўстання 1863 г. Як працяг вынішчэння беларускага адукацыйнага поля даследчыкі адзначаюць закрыццё Горы-Горацкага земляробчага інстытута і 8 сярэдніх навучальных устаноў, захаванне забароны на выкарыстанне ў навучальным працэсе беларускай мовы, а таксама ўзмацненне кантролю за адукацыйна-асветніцкай дзейнасцю інтэлігенцыі.

Перапыненне прамых сувязяў з еўрапейскімі краінамі спрыяе пашырэнню на Беларусі ўплыву ідэй і поглядаў прагрэсіўнай расійскай інтэлігенцыі (Чарнышэўскі, Ушынскі, Вадавозаў, Дабралюбаў, Пірагоў і інш.), якія фармулююць падставы развіцця адукацыі і асветы для шырокіх колаў насельніцтва, у тым ліку людзей дарослых. Менавіта ў гэтыя часы ў Расійскай імперыі з’яўляюцца першыя спробы выдзяліць дарослых у асобную катэгорыю навучэнцаў і арганізаваць для іх спецыялізаваныя ўстановы. З 60-х гадоў ХІХ ст. адкрываюцца нядзельныя школы для дарослых, ствараюцца камітэты пісьменнасці (першы — у Санкт-Пецярбургу ў 1861 г.). 

Адным з найбольш распасюджаных на той час кірункаў нефармальнай адукацыі і асветы з’яўляюцца народныя чытанні. Яны карыстаюцца значным попытам сярод насельніцтва і падтрымліваюцца інтэлігенцыяй, а таксама выклікаюць занепакоенасць царскага ўраду, які спрабуе наладзіць жорсткі кантроль за іх правядзеннем (дзейнічае забарона на арганізацыю чытанняў на фабрыках і заводах, для правядзення чытанняў у іншых месцах абавязкова патрэбна атрымаць дазвол, можна выкарыстоўваць толькі тыя творы, якія папярэдне былі адабраныя вучэбным камітэтам Міністэрства народнай асветы або свяцейшым сінодам). Нягледзячы на такія складаныя ўмовы, інтэлігенцыя Беларусі ўжо з сярэдзіны 70-х гадоў ХІХ ст. актыўна займаецца арганізацыяй чытанняў спачатку ў гарадах, а потым у вёсках. У сярэдзіне 80-х чытанні праходзяць ва ўсіх губернскіх і павятовых гарадах і амаль ва ўсіх вёсках, дзе дзейнічаюць пачатковыя школы4. У 80–90-я гады атрымліваюць распаўсюджанне курсы для рабочых, дзе, найперш непаўналетнім, можна было набыць базавыя веды рускай мовы, матэматыкі, чарчэння, асноў механікі і г.д. 

Народ вынаходзіць таксама свае формы самаадукацыі, пашырэння практычных ведаў. Вельмі распаўсюджанымі ў сельскім асяроддзі становяцца так званыя “святыя вечары”, калі сяляне збіраліся на свята ў каго-небудзь у хаце, каб паслухаць чытанні і гутаркі найбольш адукаванага аднавяскоўца, адстаўнога салдата, вандроўнага рамесніка і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст. актыўнай асветніцкай дзейнасцю пачынаюць займацца сельскагаспадарчыя таварыствы, земскія музеі, здраваахоўныя і педагагічныя таварыствы і аб’яднанні па ахове жывёл.

Расійскі даследчык адукацыі дарослых С.Г. Вяршлоўскі вылучаў пяць, часам цалкам супрацьлеглых, падыходаў у тагачаснай Расійскай імперыі да праблемы асветы шырокіх народных мас альбо пазашкольнай адукацыі (больш поздняя назва):

1. Афіцыйны (урадавы) пункт гледжання прызнаваў неабходнасць развіцця адукацыі як умовы сацыяльна-эканамічнай эвалюцыі, аднак існавала занепакоенасць яе пераўтваральным уздзеяннем. Як вынік — узнікненне дактрыны “охранительного просвещения” і нізкі ўзровень пісьменнасці насельніцтва Расійскай імперыі.

2. Блізкімі да папярэдняга былі погляды прыхільнікаў кансэрватыўна-адаптыўнай пазіцыі, што разглядалі народную адукацыю як сродак выхавання народнай інтэлігенцыі, якая б імкнулася да захоўвання структуры грамадства і надавала яму ўстойлівасці.

3. Паслядоўнікі “асветніцкай канцэпцыі” бачылі ў адукацыі важную ўмову дэмакратызацыі і гуманізацыі грамадства і падтрымлівалі найперш рух нядзельных школ для дарослых.

4. Больш радыкальным быў настрой рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў, якія лічылі, што палітычная ўлада, матэрыяльны дабрабыт і адукаванасць непарыўна звязаны паміж сабой.

5. І, нарэшце, прадстаўнікі прамысловых колаў разглядалі адукацыю дарослых як перадумову эканамічнага развіцця Расіі. 

Безумоўна, характэрныя для тагачаснай Расіі падыходы да развіцця народнай адукацыі ў той ці іншай ступені былі распаўсюджаны і на беларускіх землях. 

У той жа час своеасаблівай прыкметай і моцным рухавіком культурна-асветніцкага і адукацыйнага руху ў Беларусі было абуджэнне нацыянальнай свядомасці і пашырэнне грамадска-палітычных рухаў. Патрабаванне нацыяналізацыі і дэмакратызацыі адукацыі і асветы становіцца не толькі адной з найважнейшых мэтаў грамадска-педагагічнага руху і паступова адлюстроўваецца ў палітычных праграмах. Зняцце забароны на друк на роднай мове і з’яўленне першага выдавецтва стварае дадатковыя падставы для ўзнікнення магутнай адукацыйна-асветніцкай грамадскай хвалі. У пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць і дзейнічаюць шматлікія культурна-асветніцкія грамадскія аб’яднанні: Гродзенскае педагагічнае таварыства (1907 г.), Таварыства распаўсюджання ведаў і асветы сярод жыхароў г. Слоніма і яго павета (1907 г.), Слуцкае таварыства адукацыі (1909 г.), Таварыства Полацкай бібліятэкі (1911 г.), таварыства “Адукацыя” ў Віцебску (1913 г.), Саюз настаўнікаў горада Бабруйска і яго павета (1918 г.), беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Бацькаўшчына” і інш.

IІІ. Нефармальная (пазашкольная) адукацыя для моладзі і дарослых у БССР і СССР (1918–1991). У першыя дзесяцігоддзі савецкай Беларусі (20–30-я гг.) можна назіраць працяг імклівага росту рознага кшталту адукацыйна-асветніцкіх недзяржаўных ініцыятыў, якія былі скіраваныя на барацьбу з непісьменнасцю, пашырэнне грамадзянска-палітычнай свядомасці розных сацыяльных групаў і ўмацаванне нацыянальных культур. У гэты перыяд у Беларусі актыўна дзейнічаюць яўрэйскія, рускія, польскія, латышскія асветніцкія ініцыятывы. Таксама працягваецца развіццё беларускага асветніцкага грамадскага руху. Аднак, такое імклівае развіццё сапраўды народнай адукацыі хутка перапыняецца. Масавыя рэпрэсіі беларускай інтэлігенцыі разам з тэндэнцыямі цэнтралізацыі і “адзяржаўлівання” прыводзяць да абмежавання ўдзелу грамадства і фармалізацыі адукацыі і асветы. Народныя універсітэты ператвараюцца ў вучылішчы, тэхнікумы і інш. установы базавай адукацыі. 

З 50-х–60-гг. у СССР як вынік дасягнення высокага ўзроўню пісьменнасці насельніцтва назіраецца даволі цікавы працэс. З аднаго боку — далейшае пашырэнне і прафесіяналізацыя адукацыі дарослых (павышэнне ролі завочнай і вячэрняй вышэйшай адукацыі, развіццё навуковых даследванняў па праблемах адукацыі дарослых і г.д.). З другога боку — “вымыванне” нефармальнай адукацыі і яе разнастайнасці з адукацыйнага поля. Менавіта з другой паловы 60-х гг. ХХ стагоддзя вызначаецца падзел сферы адукацыі дарослых на дзве асноўныя плыні — павышэнне кваліфікацыі і культурна-масавую работу, які да сёняшняга дня з’яўляецца вызначальным для развіцця сістэм адукацыі ў большасці пост-савецкіх краін. Пытанне ўплыву дадзенага падзелу на развіццё адукацыі дарослых патрабуе асобнага даследвання. Але ўжо сёння відавочна, што для нефармальнай адукацыі аднясенне асветніцкіх праграм да сферы ўплыву міністэрства культуры прывяло да заняпаду нефармальнай адукацыі і асветы і адсутнасці падтрымкі з боку дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі.

З 80-х гг. перш за ўсё сярод навукоўцаў пачынаецца больш шырокае выкарыстанне вызначэння “адукацыя дарослых”. Але, на жаль, яго “аб’ядноўчая функцыя” так і засталася не рэалізаванай, і да развалу СССР адукацыя дарослых засталася падзеленай на павышэнне кваліфікацыі і культурна-масавую работу.

ІV. Развіццё нефармальнай адукацыі моладзі і дарослых у Рэспубліцы Беларусь дагэтуль можа быць пазначана як працэс стыхійны6 і, натуральна, моцна звязаны з пашырэннем грамадскага руху і лібералізацыяй эканомікі. Фінансава-эканамічныя цяжкасці ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя прывялі да частковага разбурэння сістэмы савецкіх часоў (у асноўным за кошт культурна-масавай работы). Значная частка дзяржаўных установаў павышэння кваліфікацыі і перападрытоўкі кадраў, аднак, захоўваецца і прыстасоўваецца да новых умоваў. Яны выходзяць па-за межы вузка спецыялізаваных (ведамасных) праграм і прапануюць на рынак паслугі для розных мэтавых групаў, у тым ліку ў сферы нефармальнай адукацыі. 

Але сапраўднымі рухавікамі і інаватарамі становяцца новые акторы — недзяржаўныя некамерцыйныя і камерцыйныя арганізацыі, што, рэагуючы на попыт, які ўзрос, прапануюць свае праграмы дадатковай эканамічнай, палітычнай, грамадзянскай, экалагічнай і г.д. адукацыі і асветы. 

Гэты час яшчэ чакае сваіх даследчыкаў, прынамсі як і папярэднія гістарычныя этапы. У межах дадзенага артыкула мы толькі паспрабуем вылучыць значныя перыяды ў працэсе станаўлення нефармальнай адукацыі моладзі і дарослых і ўзгадаць некаторыя падзеі.

1) Асвета ў межах грамадска-палітычных рухаў. Гэты перыяд доўжыўся прыкладна дзесяць год — з актывізацыі нацыяльна-адраджэнскіх рухаў у БССР да 1995–1997 гг. Характэрныя рысы гэтага перыяду — пераслед грамадска-палітычных мэтаў, “неаддзяленне асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці ад грамадскай і палітычнай дзейнасці”, апора на ўнутраныя інтэлектуальныя, матэрыяльныя і людскія рэсурсы, нешматлікасць форм адукацыйна-асветніцкай дзейнасці.

2) “Прафесіяналізацыя” адукацыйнай дзейнасці трэцяга сектару (1995–2004). Характэрнымі прыкметамі яе становяцца не толькі пашырэнне колькасці асветніцкіх і адукацыйных праграм па розных тэматычных кірунках (экалагічныя, праваабарочныя, грамадзянскія і г.д.), а таксама спробы наладзіць сістэмную працу і забяспечыць свае праграмы кадрамі і метадычнымі распрацоўкамі.

Адным з цікавых прыкладаў з’яўляецца супольны праект АГА “Фонд імя Льва Сапегі” (Беларусь) і Фонда развіцця мясцовай дэмакратыі (Шчэцін, Польшча), які адметны першай спробай падрыхтоўкі кадраў (трэнінг трэнераў) і распрацоўкай “падручніка“ — метадычнага дапаможніка для трэнераў, цалкам пабудаванага на прынцыпах актыўнага навучання (1996–1997 гг.).

Нельга таксама не ўзгадаць “Народны універсітэт (НУ)”, які быў створаны як структурная адзінка Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра “Беларуская перспектыва” ў 1997 г. і праіснаваў да 2002 г. НУ быў спробай аднаўлення традыцыі “народнай асветы” пачатку ХІХ стагоддзя. Гэта — адзін з найбуйнейшых праектаў нефармальнай адукацыі ў тагачаснай Беларусі. Усяго за час існавання НУ навучанне прайшло звыш 1500 чалавек у 31 горадзе Беларусі. Патрэбна адзначыць спробу арганізатараў наладзіць працу з выпускнікамі “Народнага універсітэта”, якія пасля сканчэння навучання станавіліся сябрамі Таварыства філаматаў і ўключаліся ў асветніцкую дзейнасць у сваім асяродку. 

Параллельна ўзнікае шэраг ініцыятыў, скіраваных на вывучэнне замежнага досведу і яго адаптацыю да ўмоваў Беларусі. Тут можна назваць шэраг праектаў і праграм, кшталту стажыроўкі для маладых педагогаў у Маладзёжным адукацыйным цэнтры г. Эмліхайм, Германія (арганізатар — Ліга добраахвотнай працы моладзі); трэнінг трэнераў, зарганізаваны ГА “Аб’яднаны шлях Беларусь”; “Школу трэнераў” ГА “Адукацыйны Цэнтар «ПОСТ»” і інш. Менавіта ў гэты час значная частка актывістаў грамадскіх рухаў, студэнтаў і актыўных выкладчыкаў мае магчымасць праз удзел у міжнародных праектах знаёміцца з рознымі традыцыямі і падыходамі да арганізацыі праграм нефармальнай адукацыі моладзі і дарослых. Пераасэнсаванне гэтых падыходаў і іх апрабацыя ў беларускіх умовах спрыяюць з’яўленню хвалі публікацый, прысвечаных найперш метадам актыўнага вучэння і грамадзянскай адукацыі. Метадычныя напрацоўкі, выдадзеныя грамадскімі аб’яднаннямі, у сваю чаргу, стымулююць пашырэнне выкарыстання актыўных метадаў у навучальных праграмах дзяржаўных (фармальных) адукацыйных установаў. 

У межах агульнанацыянальнай адукацыйнай палітыкі заўважнай падзеяй у дадзены перыяд стала прыняцце новай рэдакцыі закона “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” (1992 г.), якая скасавала адзіны артыкул закона, дзе ўзгадвалася нефармальная і непрафесійная адукацыя для дарослых (артыкул аб самаадукацыі).

3) Кансалідацыя і супольныя дзеянні на карысць нефармальнай адукацыі (з 2004 — да сённяшняга дня). Галоўнымі падставамі для вылучэння дадзенага этапа з’яўляецца асэнсаванае выкарыстанне тэрміна і наяўнасць кансалідаваных дзеянняў на карысць нефармальнай адукацыі. Адлік можна пачаць са з’яўлення спецыялізаванага часопіса нефармальнай адукацыі “Адукатар” (www.adukatar.net). Канцэпцыя выдання была распрацавана партнёрскай сеткай “Арганізацыі грамадзянскай адукацыі (АГА)”. У ёй знайшла адлюстраванне працяглая дыскусія наконт самавызначэння і акрэслівання сферы дзейнасці. Заснавальнікі часопіса не маглі пагадзіцца з афіцыйна прынятым падзелам сістэмы адукацыі на асноўную і дадатковую перш за ўсё з-за таго, што адпаведна з ім (гл. Закон “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” ад 2002 г.) да дадатковай адукацыі дарослых адносіцца толькі павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў. Такім чынам, абранне тэрміна “нефармальная адукацыя” не толькі падкрэслівала своеасаблівы нефармальны характар адукацыйных праграм грамадскіх аб’яднанняў, але значна пашырала змест і дазваляла артыкуляваць неабходнасць арыентацыі на шырокі спектр патрэбаў дарослых навучэнцаў.

Разам з самавызначэннем прыходзіць і разуменне неабходнасці прыцягнення ўвагі да праблем развіцця нефармальнай адукацыі і асветы, а таксама ролі недзяржаўных арганізацый у дадзеным працэсе. Пачынаючы з 2005 г.,8 штогод праводзяцца Тыдні нефармальнай адукацыі і асветы. Традыцыйна Тыдзень уяўляе сабой шэраг разнастайных падзей — семінараў, круглых сталоў, сустрэч, прэзентацый, выстаў, аб’яднаных адзінай тэмай і інфармацыйнай кампаніяй. У большай ступені — гэта кансалідаваныя, але паралельныя дзеянні розных арганізацый. Тым часам сфармаваўшаяся прафесійная супольнасць імкнецца да сустрэч з калегамі і абмеркавання набалелага. Так нараджаецца ідэя Фестывалю нефармальнай адукацыі. Фестывалі нефармальнай адукацыі 2006 і 2008, якія адбыліся пры падтрымцы dvv-international i Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханеса Рау, сталі ўжо традыцыйным форумам адукатараў, адметнай інфармацыйнай падзеяй і, зразумела, святам. 

Дзякуючы супольным намаганням грамадскіх аб’яднанняў, а пад час Другога фестывалю і прадстаўнікоў камерцыйных і рэлігійных арганізацый, папулярнасць нефармальнай адукацыі расце. Так, праца Другога фестывалю нефармальнай адукацыі асвятлялася больш чым у 30 выданнях, колькасць удзельнікаў павялічылася амаль у два разы, а з вітальным словам на плянарным пасяджэннi выступілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі РБ, Палаты прадстаўнікоў НС РБ, амбасад Германіі і Швецыі. 

Калі разглядаць гэты перыяд праз прызму дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, то можна канстатаваць, што значных зменаў у гэты час у краіне не адбылося. Найперш, не здарылася доўгачаканага паляпшэння рамкавых умоў для развіцця нефармальнай адукацыі моладзі і дарослых. Хаця некаторыя падзеі і надавалі такую надзею. Прынамсі тут можна ўзгадаць амаль дзесяць год працы Міждзяржаўнага камітэта СНД па распаўсюджанні ведаў і адукацыі дарослых, прыняцце шэрагу мадэльных законаў, распрацоўку Канцэпцыі развіцця адукацыі дарослых у краінах — удзельніцах СНД10, удзел Міністэрства адукацыі ў міжнародных кангрэсах па адукацыі на карысць устойлівага развіцця і прыняцце адпаведных рэзалюцый.

Нявырашаныя праблемы як задачы на будучыню 

Мы вымушаны канстатаваць, што на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі амаль два дзесяцігоддзі незалежнасці Беларусі не былі скарыстаны для пераасэнсавання “атрыманай у спадчыну” савецкай сістэмы адукацыі дарослых і асветы насельніцтва. І задачы, зафіксаваныя ў Рэзалюцыі Першага Фестывалю нефармальнай адукацыі , да гэтага дня застаюцца не вырашанымі. Іх рэалізацыя з’яўляецца нашым “агульным хатнім заданнем”, і мы павінны аб’яднаць намаганні дзеля 

• забеспячэння права кожнага чалавека на неперарыўную фармальную і нефармальную адукацыю ў любым узросце;

• прыняцця ў якасці асноўнага прынцыпу развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі плюралізму канцэпцый, заснавальнікаў і формаў адукацыйнай дзейнасці;

• прызнання грамадскай карыснасці адукацыі дарослых і нефармальнай адукацыі, і, адпаведна, замацавання гарантый яе развіцця шляхам вылучэння бюджэтнага фінансавання, распрацоўкі схем фінансавай падтрымкі ўдзелу ў нефармальнай адукацыі і адукацыі дарослых розных сацыяльных групаў, забеспячэнне ільготаў у падаткаабкладанні для арганізацый розных форм уласнасці, якія працуюць у сферы адукацыі дарослых і нефармальнай адукацыі і г.д.

Зразумела, побач з замацаваннем новых прынцыпаў развіцця сістэмы адукацыі, у тым ліку і нефармальнай, патрэбна займацца далейшай прафесіяналізацыяй сістэмы, а менавіта 

• распрацоўкай нацыяльнай стратэгіі развіцця нефармальнай (дадатковай) адукацыі дарослых

• пашырэннем тэарэтычных і прыкладных даследванняў і ўмацаваннем экспертнага патэнцыялу і беларускай навуковай школы,

• распрацоўкай адпаведных педагагічных прафесій, напрыклад, спецыялізацый “андрагогіка/нефармальная альбо дадатковая адукацыя” і арганізаваць навучанне па іх, хаця б на ўзроўні павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Дасягненне гэтых мэтаў патрабуе шырокага дыялогу і “стварэння грамадска-дзяржаўнага органа, здольнага забяспечыць улік інтарэсаў усіх арганізацый, занятых у адукацыі дарослых з наступным стварэннем пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь міжсектарнага Грамадскага Савета па пытаннях развіцця нацыянальнай адукацыі з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленай грамадскасці, бізнэсу і дзяржавы; … і публічнага абмеркавання праграмных і нарматыўных дакументаў, што распрацоўваюцца і наўпрост закранаюць сферу адукацыі дарослых і моладзі”.

1. З кнігі: Нефармальная адукацыя ў Беларусі (знаходзіцца ў друку).

2. Тихонов А.Н., Абрамешин А.Е., Воронина Т.П. и др. Управление современным образованием: социальные и экономические аспекты. — С. 26. On-line http://window.edu.ru/window_catalog/files/r37902/tikhonov1.pdf 

3. B.Weisbrod, Public good theory.

4. А.І. Багдановіч. Асноўныя напрамкі культурна-асветніцкай дзейнасці інтэлігенцыі Беларусі ў другой палове 19 ст

5. Такі ўздым асветніцкай дзейнасці быў характэрны не толькі для БССР. Напрыклад, у 1921 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі было створана Таварыства беларускай школы. Дзейнасць яго мела надзвычай маштабны характар. ТБШ праводзіла мерапрыемствы па стварэнні і падтрымцы нацыянальнай школы, арганізоўвала курсы для непісьменных дарослых, праводзіла настаўніцкія семінары, адкрывала народныя чытальні, бібліятэкі, народныя дамы, выдавала і распаўсюджвала кнігі і газеты на беларускай мове, выдавала стыпендыі, арганізоўвала спектаклі і інш. Значную ўвагу ТБШ надавала развіццю пазашкольнай (нефармальнай) асветы, напрыклад гуртковай працы. Лічбы, прадстаўленыя даследчыкамі, уражваюць і сёння. Так, у 1928 г. таварыства налічвала 362 гурткі з колькасцю сябраў да 10 тыс., 130 бібліятэк-чытальняў, больш за 40 народных дамоў, пры якіх працавалі народныя хоры і аркестры. У 1936 г. Таварыства мела каля 500 гурткоў, больш за 250 бібліятэк-чытальняў, больш за 100 народных дамоў (В.Ф. Бацяеў. Дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў беларусаў па развіцці нацыянальнай адукацыі ў першыя дзесяцігоддзі 20 ст.). У 1937 г. польскія ўлады забаранілі дзейнасць гэтай уплывовай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі.

6. У значнай ступені апісанне дадзенага перыяду базуецца на асабістым досведзе аўтара і публікацыях, якія выходзілі ў межах трэцяга сектару /недзяржаўнага і некамерцыйнага/. То бок развіццё нефармальнай адукацыі ў межах другога сектару /недзяржаўнага і камерцыйнага/ засталося па-за межамі ўвагі. Таксама амаль не надаецца ўвагі развіццю нефармальнай адукацыі ў межах дзяржаўнай сістэмы (тут да сектару нефармальнай адукацыі можна аднесці дзейнасць цэнтраў пазашкольнай адукацыі моладзі, а таксама некаторыя праграмы ўстановаў ПК і ПК альбо ўстановаў культуры). Тым не менш, высунуты тэзіс аб стыхійным характары працэсу развіцця сферы нефармальнай (альбо дадатковай) адукацыі дарослых з’яўляецца актуальным для ўсіх падсістэм (дзяржаўнай і камерцыйнай), паколькі да сённяшняга дня Рэспубліка Беларусь не мае нацыянальнай стратэгіі развіцця адукацыі дарослых, сувязі паміж сектарамі (грамадскім, дзяржаўным і камерцыйным) вельмі слабыя, недзяржаўныя акторы не ўцягнуты ў працэсы абмеркавання прыярытэтаў адукацыйнай палітыкі, адсутнічае сістэма падрыхтоўкі кадраў і амаль не вядуцца навуковыя даследванні.

7. В. Чернов. Система гражданского образования в третьем секторе Беларуси// Адукатар. № 1(2004).

On-line: http://aha.adukatar.net/storage/users/2/2/images/130/article_3.pdf

8. Г. Верамейчык. Тыдзень з нефармальнай адукацыяй… //Адукатар. № 3(6), 2005.

On-line: http://adukatar.net/bit2/storage/users/2/2/images/253/A4_%236_pages_45-47.pdf

У. Вялічка. Тыдзень нефармальнай адукацыі 2006: крок наперад //Адукатар.№ 4(10), 2006. On-line: http://adukatar.net/storage/users/2/2/images/566/Adukatar_10_Pages_39-40.pdf

9. Гл. Часопісы “Адукатар” № 3(9), 2006 on-line: http://adukatar.net/wiki/index.php?structure_id=195; № 1 (15), 2009.

On-line: http://adukatar.net/wiki/index.php?structure_id=237

10. On-line: http://adukatar.net/storage/users/2/2/images/535/

Adukatar_9_Pages_24-25.pdf

11. Стратегия ЕЭК ООН для образования в интересах устойчивого развития. On-line: http://www.unece.org/env/documents/2005/cep/ac.13/cep.ac.13.2005.3.rev.1.r.pdf