Алег Сiвагракаў
Вядомы эксперт у галіне мясцовага, сельскага і рэгіянальнага ўстойлівага развіцця, стратэгічнага планавання, самакіравання, экалогіі і зялёнай эканомікі.
Навошта дарослым адукавацца па тэме ўстойлівага развіцця?
З чаго пачаць?
Ці будзе навучанне цікавым, захапляльным?
Нашы развагі-адказы на гэтыя пытанні паслядоўна даём вам далей.
Па-першае, важна, што на сёняшні дзень устойлівае развіццё (УР) як навуковая канцэпцыя і шырокая практыка дзеянняў з’яўляецца самым прызнаным у свеце поглядам на развіццё чалавецтва і прыроды і шляхам да пазітыўных перамен. У 1992 годзе на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіццю (якую таксама называюць Саміт Зямлі) у Рыа-дэ-Жанейра, 178 урадаў краін прагаласавалі за ўзгадненне праграмы “Агенда 21” (Парадак дня на ХХI стагоддзе). Мэты ўстойлівага развіцця (SDGs) на перыяд да 2030 года: у 2015 годзе пад дамовай аб іх фіксацыі і жаданнем дасягнуць іх паставілі свае подпісы прадстаўнікі 193 краіны свету. То бок, незалежна ад геаграфічнага змяшчэння, узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця, рэлігіі, палітычнай сістэмы большасць людзей на планеце праз свае ўрады падцвердзілі прыхільнасць да такога падыходу і прынялі на сябе абавязкі рухацца ў выбраным накірунку. Далучыцца да гэтага руху – справа адказная і пачэсная. І адначасова быць прыхільнікам і актывістам устойлівага развіцця сёння – значыць быць у трэндзе, быць прагрэсіўным.
Устойлівае развіццё (УР) (анг. sustainable development) – гэта такое развіццё, пры якім задавальненне патрэб сёняшняга пакалення адбываецца без ушчамлення магчымасцяў будучых пакаленняў задавальняць свае патрэбы. Такая фармулёўка, якой карыстаецца ААН, з’яўляецца ў наш час найбольш распаўсюджанай. Адначасова маецца вялікая колькасць іншых тлумачэнняў тэрміна УР. Так, Сусветны Банк падкрэсілівае, што ўстойлівае развіццё – гэта кіраванне агульным капіталам грамадства з мэтай зберажэння і прымнажэння чалавечых магчымасцяў. Часта сэнс УР вызначаецца праз неабходнасць гарманічнага развіцця прыроды (навакольнага асяроддзя), чалавека (сацыяльнай сферы) і вытворчасці (эканомікі). У некаторых выпадках акцэнт робіцца на неперавышэнне гранічна дапушчальнага ўзроўню антрапагеннага ўздзеяння на экасістэмы. |
Важна памятаць, што тэматыка ўстойлівага развіцця выспела як рэакцыя на комплексныя праблемы, якія паўсталі перад чалавецтвам. Тут і хуткі рост насельніцтва планеты, і дэградацыя біялагічнай і культурнай разнастайнасці, і сацыяльныя дысбалансы ў багацці і правах чалавека, негатыўныя экалагічныя працэсы, забруджванне зямлі, вады і паветра, змяненне клімату. Каб выйсці пераможцам у барацьбе з глабальнымі выклікамі, трэба адначасова і глыбей вывучаць гэтыя з’явы, і авалодваць навыкамі супрацьстаяння ім. І разам з тым неадкладна дзейнічаць, бо ўжо сёння вядомыя многія неабходныя напрамкі, інструменты і механізмы для пераўтварэнняў да лепшага. Гэта – адначасова і важныя, і цікавыя, і складаныя, і ганаровыя задачы. Спрычыніцца да іх вырашэння – добры занятак для людзей усіх узростаў.
Па-другое, мы тут гаворым і пра адукацыю дарослых увогуле. А адукацыя на працягу ўсяго жыцця – прыкмета сучаснага этапа развіцця чалавецтва, частка сёняшняшніх стратэгічных паводзінаў актыўнага чалавека ў грамадстве. Пра патрэбнасць такога падыхода ўжо не дыскутуюць. А вось накірункі, змест, методыкі і практыкі адукацыі дарослых – тут пытанняў і ідэй розных многа, яны канкуруюць паміж сабой, спрачаюцца. Аб гэтым яскрава сведчаць дзейнасць тысяч адукацыйных установаў (ад традыцыйных школ і універсітэтаў – да нефармальных гурткоў і віртуальных адукацыйных платформ), безліч публікацый у мностве часопісаў, манаграфій і сайтаў, разнастайныя актыўнасці мноства недзяржаўных арганізацый і ініцыятыў. Варта не застацца збоку ад гэтых важных працэсаў і падзей.
Па-трэцяе, адукацыя для ўстойлівага развіцця – гэта карысная дзейнасць персанальна для кожнага чалавека і груп людзей. Таму што і прафесійна-кар’ерныя дасягненні, і асабістыя памкненні, і нават захапленні, хобі, зараз адчуваюць на сабе моцны ўплыў фактараў, звязаных з устойлівым развіццём.
Згодна з нядаўна апублікаванымі вынікамі даследванняў LinkedIn[1], агульная тэндэнцыя на рынку працы ў Еўропе зараз – у пашырэнні попыту на кампетэнцыі, звязаныя з устойлівым развіццём, штучным інтэлектам і кібербяспекай. Пяць самых запатрабаваных пазіцый у Вялікабрытаніі ў парадку змяншэння: менеджэр па ўстойлівым развіцці, прадстаўнік па развіцці продажаў, аналітык па андеррайтынгу (гэта аналіз інфармацыі аб дзейнасці кампаніі і яе кліентах для ацэнкі верагодных даходаў і страт), дырэктар па даходах і стаматолаг[2]. Такія трэнды трэба ўлічваць не толькі тым, хто шукае месца працы, разважае аб новым ці дадатковым занятку. Кар’ерны рост на сваім працоўным месцы таксама залежыць ад таго, як хутка адаптуецца супрацоўнік да новых патрабаванняў рынка, інавацый, да якіх адносіцца і шмат момантаў, звязаных з устойлівым развіццём. Добра калі ваша прадпрыемства ці арганізацыя дапамагае ў павышэнні кваліфікацыі, і такіх кампаній становіцца ўсё больш. Кампаніі па ўсім свеце бачаць устойлівае развіццё як свой імператыў і дамагаюцца, каб іх супрацоўнікі павышалі сваю кваліфікацыю па тэмам, звязаным з устойлівым развіццём, набывалі адпаведныя навыкі. А што рабіць, калі ў вашай фірме такога няма? Адказ відавочны: самастойна асвойваць новыя веды і назапашваць новыя кампетэнцыі. Або праз асабісты пошук інфармацыі ў Інтэрнэце і бібліятэках, або праз удзел у спецыяльных курсах і трэнінгах. Зараз мноства курсаў прапануецца разнастайнымі арганізацыямі і анлайн-платформамі. “Як распрацаваць і рэалізаваць стратэгію ўстойлівасці”, “Што трэба ведаць пра ўгляродны адбітак і клімат”, “Устойлівасць – як інавацыйная магчымасць”, “Дапаможнік для супрацоўнікаў на шляху да ўстойлівасці” – прыклады такіх курсаў для самаадукацыі. Большасць з іх пакуль што на ангельскай мове, але гэта таксама можна разглядаць як пазітыўны чэлендж: адначасова палепшыць і веданне замежнай мовы – ну ці не бонус гэта для настойлівага чалавека?
“А я задаволены сёняшняй прафесіяй і працай!” – скажуць іншыя. –“Мяне зараз больш цікавіць мая кватэра, дабрабыт”. Да іх далучацца некаторыя пенсіянеры: “Што нам ужо тыя новыя навукі: мы на дачу з’едзем і там у садочку будзем патрохі бавіць час”. Так ды не так. Недарма ж яшчэ больш за 150 гадоў таму амерыканскі даследчык і пісьменнік Генры Дэвід Тороў (Henry David Thoreau) напісаў: “Якая карысць ад дома, калі ў вас няма ніштаватай планеты, каб яго паставіць?” А з тых часоў сітуацыя ў некаторых сферах жыцця на планеце Зямля не надта палепшала, а ў некаторых – і пагоршала. Такім чынам, адсіжвацца па прынцыпу “будзь што будзе” – не такі ўжо добры выбар. Калі можна на кожным месцы – у кватэры, двары, гаспадарцы, на вясковай сядзібе ці дачнай дзялцы, вырашаючы тыя ж самыя звычныя паўсядзённыя задачы, адначасова спрычыніцца да вырашэння глабальных праблем чалавецтва. За такі выбар вам будуць удзячныя ўнукі і праўнукі, і ўвогуле – наступныя пакаленні людзей. Аддаваць перавагу энергазберагаючым хатнім прыборам і прыстасаванням. Эканоміць ваду, цяпло і электрычнасць. Выбіраць для будаўніцтва і рамонту больш натуральныя, меньш шкодныя матэрыялы. Асобна сабіраць і ўтылізаваць паперу, пластык, шкло. Завесці кампостную сістэму (а гэта не так страшна, як яно гучыць – бо гэта можа быць нейкая скрынка, ці закуток, адгарожаны драўлянымі палетамі, ці нават проста неглыбокая ямка ў зямлі, куды вы будзеце змяшчаць пустазелле пасля праполкі, скошаную траву і арганічныя рэшткі з кухні). Збіраць дажджавую ваду для паліву раслін. І многа іншых шляхоў устойлівага ладу жыцця існуюць ужо і імі карыстаюцца мільёны людзей. Бярыце прыклад з іх і самі распаўсюджвайце свой досвед сярод знаёмых, праз суседскі чат, на сходах мясцовай грамады і сустрэчах з сябрамі. І працягвайце адукоўвацца далей. Прычым, людзям старэйшага ўзросту трэба тут пераадолець “комплекс непаўнавартнасці”: замест прыказкі “старога сабаку новым трукам не навучыш” лепш арыентавацца на мудрасць “стары конь баразны не сапсуе”.
Як жа найлепш авалодваць новымі ведамі і навыкамі ў рэчышчы ўстойлівага развіцця? З многагадовых практычнага досведу і навуковых даследванняў у рэчышчы УР нам бачыцца ідэальным, найбольш эфектыўным варыянтам наступны трыадзіны падыход у асвеце для ўстойлівага развіцця[3]:
- Вывучаць ўстойлівае развіццё як самастойную тэму (прадмет, дысцыпліну, у тым ліку ў межах адукацыйных курсаў), чытаць тэматычныя артыкулы, кнігі па гэтай тэме. Гэта дазволіць стварыць тэарэтычны базіс для наступнай дзейнасці, ведаць асноўныя прынцыпы УР, якія будуць служыць “падарожнымі слупамі” і “светлафорамі” і дапамагаюць накіроўвацца ў патрэбным напрамку – да ўстойлівасці.
- Адукоўвацца праз тэматычныя аспекты ўстойлівага развіцця, якія ўкараняюцца ў звязаныя з вашай дзейнасцю аспекты працы і жыцця. То бок, вывучаць, напрыклад, тэматыку ўстойлівай мабільнасці, калі вы працуеце ў траспартнай сферы. Або – арганічнае земляробства і пермакультуру, калі вы працуеце на зямлі. Такая адукацыя павінна быць цікавай і захапляльнай.
- Арыентавацца на прынцыпы ўстойлівага развіцця ў практычнай дзейнасці. У ідэале – распрацаваць і ажыццяўляць асабістую, ці калектыўную ў супрацы з аднадумцамі, калегамі па працы ці суседзямі стратэгію ўстойлівага развіцця[4]. А калі прасцей – то падчас прыняцця рашэнняў па канкрэтным практычным пытанням задаваць сабе пытанне: “А як вырашыць гэтую задачу больш устойліва? Ці будуць адпавядаць мае дзеянні прынцыпам устойлівасці? Якія іншыя падыходы, альтэрнатыўныя варыянты можна скарыстаць?”
Прынцыпы ўстойлівага развіцця – накіроўваючыя ідэі, асноўныя правілы, стандарты, арыенціры, што трэба ўлічваць, якімі кіравацца, каб шлях наш йшоў да ўстойлівага развіцця. |
Пазнаёміцца з прынцыпамі ўстойлівага развіцця, зразумець іх, запомніць, і што самае галоўнае – выкарыстоўваць у практыцы – адна з асноваў адукацыі для ўстойлівага развіцця. Прычым, тут можна сутыкнуцца з праблемай, бо ў розных крыніцах інфармацыі, кнігах, метадычных распрацоўках можна сустрэць дзесяткі і можа сотні прынцыпаў, якія аўтары прапануюць у якасці прынцыпаў устойлівага развіцця. Каб засцерагчы вас на гэтай пуцявіне ад марных блуканняў і нават дэзарыентацыі прапануем пачаць знаёмства з пяццю (ак пальцаў на руцэ!) прынцыпамі. Іх мы выпрацавалі падчас многіх адукацыйных мерапрыемстваў у розных гарадах і раёнах Беларусі і за яе межамі, аналіза навуковых даследванняў па гэтай тэме, а таксама за часы выкладчыцкай работы ў універсітэтах. Вось гэтыя прынцыпы:
- Арыентацыя на вобраз пажаданай будучыні. Важна, хоць бы ў агульных рысах, ведаць, уяўляць сабе тое становішча, да якога імкнецеся.
- Улік экалагічных абмежаванняў (экалагічны імператыў). Тлумачэнне гэтага прынцыпу можна праілюстраваць на прыкладзе агульнага сходу, на якім сярод удзельнікаў няма нікога акрамя людзей: ні птушак, ні звяроў, ні дрэў, якія маглі б звярнуць увагу на патрэбы прыроды. Таму нам трэба падумаць за іх, зірнуць на сітуацыю і нашы планы “іх вачыма”.
- Сістэмнасць і комплекснасць развіцця (спалучэнне сацыяльных, эканамічных і прыродаахоўных мэтаў і міждысцыплінарнасць пры распрацоўцы планаў). Трэба дамагацца збалансаванасці гэтых мэтаў і іх вынікаў.
- Выкарыстанне мясцовых рэсурсаў і інавацый. Такі прынцып дазваляе ўбачыць бліжэйшы патэнцыял, пераадолець страх перад недахопам, напрыклад, фінансаў на першых этапах працы. Многія паспяховыя прыклады ўстойлівага развіцця грунтуюцца менавіта на мясцовых рэсурсах.
- Партнёрства, шырокі ўдзел. Згуртаваны клін гусінай зграі – тут выдатны прыклад партнёрства і зладжанасці. Супольна – значыць хутчэй, бяспечней, больш эфектыўна і нават весялей! І важна нікога не забыць. “Калі хочаш ісці хутка – ідзі адзін; калі хочаш дайсці далёка – ідзіце разам”, — абвяшчае вядомая прыказка. Адукацыя для ўстойлівага развіцця – гэта якраз такі выпадак: сумеснае доўгатэрміновае падарожжа аднадумцаў у кірунку ўстойлівага развіцця.
Спадзяёмся, што названыя прынцыпы ўстойлівага развіцця будуць пачаткам больш глыбокага і шырэйшага вашага знаёмства з гэтай тэмай, стануць каталізатарам вашай цікаўнасці да яе.
Важным момантам адукацыі дарослых для ўстойлівага развіцця з’яўляецца таксама тое, што вынікамі такой адукацыі будуць карыстацца і іншыя людзі, у тым ліку моладзь, дзеці. То бок, чалавек, які авалодаў ведамі, патрэбнымі для УР, будзе праз свае паводзіны, словы, праз сваю дзейнасць паказваць дзецям патрэбныя ўзоры для іх жыцця, выхоўваць і адукоўваць дзяцей з улікам каштоўнасцяў і патрабаванняў устойлівага развіцця. А адукацыя дзяцей – гэта доўгатэрміновы капітал. Не выпадкова каля двух з паловай тысяч гадоў таму кітайскі мудрэц Канфуцый даў такія парады: “Калі вы плануеце на адзін год, пасадзіце рыс. Калі ваш план разлічаны на дзесяць гадоў, саджайце дрэвы. Калі ваш план на сто гадоў, то выхоўвайце (адукоўвайце) дзяцей”. Так праз прывычкі з дзяцінства, ці як кажуць, “з малаком маці”, ўвойдуць устойлівыя практыкі ў абноўленую рэчаіснасць, стануць арганічнай часткай экалогіі існавання чалавека на зямлі.
Пажадаем Вам, паважаны чытач, поспехаў у гэтай цікавай і карыснай вандроўцы ў краіну адукацыі для ўстойлівага развіцця!
Алег Сівагракаў
Чэрвень 2024 г.,
вёска Сасновая
[1] LinkedIn’s Jobs on the Rise 2024 report (https://www.linkedin.com/pulse/linkedins-jobs-rise-2024-report-we-huxje/)
[2] LinkedIn Jobs on the Rise 2024: 25 UK roles that are growing in demand (https://www.linkedin.com/pulse/linkedin-jobs-rise-2024-25-uk-roles-growing-demand-linkedin-news-uk-x0oje%3FtrackingId=n1oLYLAeQJaF2cokmLY6Eg%253D%253D/?trackingId=n1oLYLAeQJaF2cokmLY6Eg%3D%3D)
[3] У дачыненні да школьнай адукацыі такі падыход быў прапанаваны аўтарам у публікацыі: Школьная местная повестка-21. Пособие для общеобразовательной средней школы. – Минск, Академия последипломного образования, 2008. – 184 с. 86-118.
[4] Карысная крыніцай для такой працы можа стаць “Дапаможнік па распрацоўцы стратэгій устойлівага развіцця вясковых тэрыторый” (аўтары – Сівагракаў А.У. і Лямперт А. Я.), Мінск, Та “Колорград”, 2022. –