Перайсці да змесціва
Home » Прафесійныя кампетэнцыі і функцыі трэнера

Прафесійныя кампетэнцыі і функцыі трэнера

Прафесійныя кампетэнцыі складаюцца з прафесійных ведаў, валодання метадамі, а таксама навыкамі, якія дазваляюць спраўляцца з прафесійнымі задачамі. Існуюць два тыпы прафесійных ведаў: 

– Базавыя і спецыяльныя веды ў канкрэтнай галіне;

– Агульная эрудыцыя, якая дазваляе інтэграваць веды і выкарыстоўваць іх у шырокім кантэксце.

Метадалагічная кампетэнтнасць уключае ў сябе валоданне ведамі і ўменнямі, якія з’яўляюцца карыснымі, незалежна ад канкрэтнай галіны ведаў. Метадалагічная кампетэнтнасць дазваляе гнутка спраўляцца з вызначанымі задачамі і праблемамі. Навыкі вырашэння праблем, перадачы ўменняў, крытычнага мыслення, аналітычныя ўменні таксама належаць да агульных метадалагічных кампетэнцый. 

Да чатырох тыпаў прафесійных кампетэнцый адукатара адносяцца: 

Сацыяльныя кампетэнцыі: веды і ўменні, якія тычацца стасункаў з іншымі людзьмі, супрацоўніцтва, кіравання канфліктамі, уліку міжкультурных асаблівасцяў і г.д. Гэты тып кампетэнцый дазваляе адэкаватна рэагаваць на розныя сітуацыі ў час працы з групай, спрыяць дасягненню індывідуальных і групавых мэтаў. 

Камунікатыўныя кампетэнцыі: уменне арганізаваць выказванне думак, абмеркаванне праблем, зваротную сувязь, працу ў камандзе, веданне магчымых роляў і працэсаў у групе, канструктыўная рэакцыя на крытыку. 

Самаарганізатарскія кампетэнцыі: уменне вызначаць мэты і кантраляваць іх дасягненне, самаматывацыя, здольнасць працаваць ва ўмовах стрэсу, гатоўнасць да самаўдасканалення і атрымання новага досведу, самарэфлексіі. 

Трэнінгавыя кампетэнцыі. Гэта “гібрыд” сацыяльных, камунікацыйных і прафесійных кампетэнцый, які неабходны для эфектыўнага правядзення трэнінгаў. Важнымі ўменнямі тут з’яўляецца ўменне планаваць навучанне (вызначаць яго мэты і вынікі, абіраць метады, складаць графік, кантраляваць працэс навучання, дынаміку групы, арганізоўваць канструктыўную зваротную сувязь, забяспечваць якасную візуалізацыю інфармацыі і г.д.

Прафесійныя кампетэнцыі і функцыі трэнера

Функцыі трэнера

Што тычыцца функцый трэнераў, то пералічым стандарты трэнерскай кампетэнтнасці, распрацаваныя Міжнароднай радай стандартаў для трэнінгаў, семінараў і інструктавання. Да іх адносяцца:

  • Вызначэнне патрэбаў групы ў навучанні і адаптаванне навучальнага матэрыяла курса з улікам спецыфікі працы і выяўленых патрэбаў; 
  • Веданне аўдыторыі і яе чаканняў; 
  • Падрыхтоўка неабходных для навучання матэрыялаў і рэсурсаў; 
  • Стварэнне атмасферы даверу ў групе; 
  • Кіраванне працэсам навучання: кіраванне дыскусіямі, кантроль за групавой дынамікай; 
  • Наладжванне эфектыўнай камунікацыі ў групе; 
  • Дакладнае фармуляванне інструкцый, пытанняў, канцэнтрацыя на сутнасці пытання;
  • Арганізацыя дыялога і зваротнай сувязі; 
  • Стымуляванне актыўнасці ўдзельнікаў, іх пазітыўнага мыслення, выкарыстання ведаў; 
  • Выкарыстанне і спалучэнне розных метадаў і інструментаў навучання; 
  • Ацэнка эфектыўнасці працы; 
  • Прадстаўленне дакладнай і карэктнай справаздачы (пісьмовай альбо вуснай) пра ход падрыхтоўкі і правядзення трэнінга з аналізам і ацэнкай вынікаў навучання.