Перайсці да змесціва
Home » Пяць элементаў інтэрактыўных заняткаў

Пяць элементаў інтэрактыўных заняткаў

Інтэрактыўнасць заняткаў забяспечваецца за кошт арганізацыі шматбаковай камунікацыі, стымулявання актыўнасці навучэнцаў і забеспячэнне ўзаемадзеяння паміж імі. Такога кшталту заняткі звычайна ўтрымліваюць пяць галоўных элементаў, чатыры з якіх з’яўляюцца абавязковымі, а адзін – факультатыўным. 

Гэта наступныя элементы: факусіроўка ўвагі, уводзіны, ўнёсак адукатара, унёсак групы і падсумаванне вынікаў. 

Пад факусіроўкай увагі маюцца на ўвазе дзеянні адукатара, накіраваныя на прыцягненне ўвагі да тэмы і яе актуальнасці для ўдзельнікаў. У якасці факусоўкі могуць выкарыстоўвацца: кароткая гісторыя, анекдот, відэа, загадка, крэатыўная задача і іншыя кароткія модулі, якія не патрабуюць шмат часу (звычайна факусіроўка ўвагі не не займае больш за 3-10 хв. часу). 

Ва ўводзінах мы прадстаўляем тэму і плануемыя вынікі заняткаў. Калі гэта самыя першыя заняткі, то тут можна таксама правесці знаёмства, вызначэнне мэтаў удзелу ў трэнінгу/курсе людзей, якія прыйшлі на яго, узгадненне агульных правілаў працы. Звычайна ўводны блок займае не больш за 5 хвілін (за выключэннем сітуацый, калі гэта самыя першыя заняткі. Тады на ўводзіны можна адводзіць нават усю першую сесію). 

Унёсак адукатара – гэта частка заняткаў, падчас якой адукатар прыўносіць новыя веды (тлумачыць сутнасць паняццяў, паказвае алгарытм дзеянняў, дае заданні і г.д). 

Унёсак групы – гэта этап, калі група самастойна працуе над канструяваннем новых ведаў або над атрыманнем новага досведу (выкананне індывідуальных або групавых заданняў, бура прапановаў, дыскусіі і г.д). 

Падсумаванне вынікаў – этап, падчас якога аднаўляюцца асноўныя этапы занятку і ацэньваюцца яго вынікі (на ўзроўні ведаў, уменняў, каштоўнасцей). Гэты элемент заняткаў заснаваны на атрыманні зваротнай сувязі ад удзельнікаў. Калі вашыя заняткі доўжацца 1,5 гадзіны, то на падсумаванне вынікаў варта пакідаць не менш за 10 хвілін. 

Гэта адзін з найважнейшых элементаў заняткаў, бо менавіта тут вы зможаце ўпэўніцца ў тым, наколькі яны былі выніковымі. Таму не ахвяруйце гэтай часткай на этапе планавання! 

Важныя заўвагі: 

Калі факусіроўка ўвагі не з’яўляецца абавязковай часткай заняткаў, то ўсе іншыя элементы з’яўляюцца абавязковымі. Факусіроўку ўвагі і ўводзіны можна змяняць месцамі. Унёсак адукатара і ўнёсак групы таксама могуць змяняцца месцамі (мы можам пачаць з задання для групы, а затым прыўнесці новую інфармацыю, а можам паступіць наадварот). Пры гэтым у адным занятку ўнёсак адукатара і ўнёсак групы могуць чаргавацца па некалькі разоў.